Червинская Лидия Степановна

                Не мы выбіраем прафесію, а яна выбірае нас…   

                            

      Чарвінская Лідзія Сцяпанаўна

   

     Нарадзілася я ў в.Альгомель Столінскага раёна ў 1952 годзе. Бацькі мае працавалі настаўнікамі ў мясцовай школе. Бацька, Бялко Сцяпан Рыгоравіч, нарадзіўся ў в.Любавічы Жыткавіцкага раёна. Да вайны ён закончыў 10 класаў, потым ваяваў, а пасля дэмабілізацыі быў накіраваны працаваць настаў-нікам у в. Луткі Столінскага раёна. Маці, Чэнікава Ганна Парфёнаўна, нара-дзілася ў Магілёўскай вобласці. Пасля заканчэння Крычаўскага педвучылішча ў 1945 годзе, яна была накіравана ў Заходнюю Беларусь для ліквідацыі няграматнасці. Спачатку працавала ў в. Вугалец, а потым – у в. Луткі. Так і сустрэліся мае бацькі. Пажаніліся, і іх перавялі працаваць у в. Альгомель. Бацька завочна закончыў Брэсцкі педінстытут і стаў працаваць дырэктарам школы. У нашай сям’і нарадзілася трое дзяцей. Жылі мы ў памяшканні школы. Часта я і мае браты прысутнічалі на ўроках, якія вялі нашы бацькі. Я добра памятаю, як удзень вучыліся ў класе дзеці, а па вечарах за партамі сядзелі дарослыя, якія таксама вучыліся чытаць і пісаць.

У пяць гадоў я ўжо ўмела чытаць і пісаць, але ў школу мяне запісалі толькі ў шэсць гадоў. Калі я закончыла пяты клас В.Малешаўскай школы, то наша сям’я пераехала жыць у Любавічы, на радзіму бацькі.

У 1966 годзе я закончыла васьмігадовую Хільчыцкую школу, а ў 1968 годзе — Верасніцкую сярэднюю школу.

Усё маё жыццё звязана са школай. Таму без усякага сумнення я вырашыла стаць настаўнікам.

Я вельмі любіла чытаць кнігі, выдатна пісала дыктанты, але любоў да матэматыкі была большай. І лічу, што павышаную цікавасць да матэматыкі ў мяне абудзіла настаўнік Хільчыцкай школы Ніна Купрыянаўна. Яна навучыла мяне рашаць складаныя задачы ў 10-12 дзеянняў, адкрыла ўсю прыгажосць матэматыкі. А яшчэ мне пашанцавала з настаўнікам матэматыкі Сяргеем Кірылавічам у Верасніцкай школе.

Ужо будучы настаўнікам, я зразумела, якой выдатнай методыкай выкладання валодалі мае настаўнікі, як яны любілі сваю справу!

У 1968 годзе я паступіла вучыцца на фізіка-матэматычны факультэт Брэсцкага педінстытута імя А.С.Пушкіна. у 1972 годзе я закончыла вучобу і была накіравана працаваць настаўніцай матэматыкіў Альшанскую школу.

Адпрацавала ў Альшанскай школе 36 гадоў. Работа мая мне вельмі падабалася, я ганаруся ёй і цяпер. Я аддавала дзецям свае веды, сваю любоў, а яны мне – сваю энергію, аптымізм, імкненне да жыцця. Толькі з дзецьмі можна тварыць і атрымліваць ад гэтага асалоду. Многія мае вучні сталі настаўнікамі, нямала сярод іх і настаўнікаў матэматыкі. Мая старэйшая дачка таксама працуе настаўніцай у г. Баранавічы , і сын мае педадукацыю.

Жыццё прадаўжаецца, прадаўжаецца і справа маіх бацькоў, мая справа. Я вельмі ўдзячна сваім бацькам, сваім настаўнікам, сваім вучням, сваім сябрам за іх любоў да мяне, за іх дабразычлівасць, за іх прысутнасць у маім жыцці, якое я пражыла недарэмна.