Быба Мария Степановна

                                           Мірыяды ўспамінаў,

або

Былых настаўнікаў не бывае...

 

(Аповед настаўніцы вышэйшай катэгорыі,

выкладчыцы беларускай мовы і літаратуры

Альшанскай СШ №1 Быба Марыі Сцяпанаўны.

Узнагароджана граматамі раённага аддзела адукацыі Столінскага райвыканкама, абласнога аддзела адукацыі Брэсцкага аблвыканкама.

Стаж- 34

Захапленні-кнігі)

 

   Пражыўшы не адзін дзясятак гадоў, а нарадзілася я 10 красавіка 1955 года на Століншчыне, усе часцей усведамляю, што на маім жыццевым шляху заўсёды былі людзі з добрай, чулай душой, якія для мяне сталі пуцяводнай зоркай...

…1962 год. Я пайшла ў першы клас Хорскай васьмігадовай школы. Ад сустрэчы з першай настаўніцай была ў вялікім захапленні, якое працягвалася чатыры гады. На працягу вучобы ў пачатковых класах мая Настаўніца ўяўлялася мне казачнай феяй, якая ўмела вяла нас, сельскіх хлопчыкаў і дзяўчынак, у дзівоснае падарожжа па Краіне Ведаў. Канешне, сярод маіх аднакласнікаў былі розныя: і непаседлівыя, і нястрымлівыя, і тыя, якім вучоба давалася цяжка. Але наша Вольга Рыгораўна Ісайчанка да кожнага ўмела падабраць "ключык", знайсці ласкавае мацярынскае слова. Колькі паходаў і экскурсій яна з намі правяла?!

... Памятаю, аднойчы вярталіся з паходу   і спыніліся каля поля, дзе паважна паходжвалі буслы. А наша Вольга Рыгораўна стаяла і ўсе гаварыла, гаварыла, звяртаючыся да нас, дзесяцігадовых. Так у маім уяўленні яна і засталася вялікай Птахай, якая сабрала каля сябе сваіх птушанят і аберагала іх ад жыццевых нягод.

Ужо тады, у маленстве, і зарадзілася ў мяне мара стаць настаўніцай. Быць такой, як мая першая настаўніца: добрай, чулай, спагадлівай, справядлівай і па-жыццеваму мудрай. Гэта яна, Вольга Рыгораўна Ісайчанка, навучыла любіць кнігу, паважаць старэйшых , быць апорай і падтрымкай блізкім і родным людзям... Праўда, яе сення няма сярод нас, але яна - мая Настаўніца. І толькі добрыя ўспаміны і памяць аб ёй заўседы са мною.

...Далей школьнае жыцце падарыла мне ўрокі Філановіч Жанны Мяфодзьеўны, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры. Гэта дзякуючы яе ўменню зацікавіць нас, сваіх вучняў, я сябе бачыла толькі настаўніцай роднай мовы. Урокі Жанна Мяфодзьеўны праходзілі на адным дыханні. Голас яе ліўся ціха, але патрабавальна. І хаця ўрокі былі традыцыйныя, як зараз прынята гаварыць, але мне заўседы цікава было на іх. Я старалася ніколі не падводзіць сваю настаўніцу: прымала актыўны ўдзел у школьных мерапрыемствах, запісвала народныя песні і абрады, дапамагала слабапаспяваючым у класе. Адным словам, ад сваей настаўніцы я чула толькі пахвалу. І жаданне стаць настаўніцай беларускай мовы і літаратуры рабілася больш канкрэтным і непарушным. І, як я ўжо зараз магу сказаць, Жанна Мяфодзьеўна была добрай настаўніцай, чулым чалавекам, шчырай маці, мудрай жонкай і памяркоўнай суседкай. Чаму была? Таму што цяжкая хвароба не дала ей пажыць і парадавацца ўнукам, праўнукам. Але для мяне яна – мая Настаўніца, якая навучыла мяне цаніць і паважаць усе, што дадзена лёсам.

....1972 год. Я - выпускніца Давыд-Гарадоцкай СШ №1. Чаму Давыд- Гарадоцкай, спытаеце вы? У той час у нашай весцы была васьмігадовая школа і той, хто хацеў вучыцца далей, наведваў заняткі ў Давыд-Гарадоцкай СШ №1. Напэўна, школьны лёс был прыхільны да мяне. Настаўнікі былі, як кажуць, ад Бога. Мне і маім аднакласнікам вельмі цікава было на ўроках Карпушава Міхаіла Усцінавіча, які веў урокі беларускай мовы і літаратуры. Гэта быў настаўнік, які "прыцягваў" да сябе не толькі тым, што ўмеў красамоўна гаварыць, цікава весці ўрок, але і яшчэ сваім знешнім выглядам. Хлопцы ў класе яго паважалі, а мы, дзяўчаты, захапляліся яго мужчынскай прыгажосцю. На ўроках Міхаіл Усцінавіч умеў заўседы далікатна і тактоўна зрабіць заўвагу, калі гэта патрэбна было. Умеў данесці да нас, сямнаццацігадовых, узаемаадносіны паміж маладымі людзьмі, умеў проста і даступна растлумачыць пазіцыю герояў, не забываючы пры гэтым выслухаць думкі сваіх вучняў. Урокі майго Настаўніка сталі для мяне сапраўднай жыццевай і педагагічнай скарбонкай. Я ўдзячна сваім Настаўнікам, што дапамаглі мне ў выбары маей будучай прафесіі, навучылі любіць роднае слова, цаніць, ведаць і помніць гісторыю свайго краю, і нізка схіляю галаву перад іх памяццю.

... Прайшлі гады. За плячыма незабыўныя і непаўторныя гады вучобы на філалагічным факультэце Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Н.К.Крупскай, першыя крокі настаўніцкай дзейнасці на Магілеўшчыне, куды трапіла пасля размеркавання, першыя педагагічныя выпрабаванні, першыя радасці і няўдачы, першыя памылкі і поспехі.

" Стаць настаўнікам - гэта ўскласці на сябе вялізарны цяжар не толькі радасці, але і трывогі, смутку, болю за выхаванне маладога пакалення. Гэта - болей аддаваць, чым браць, адмаўляць сабе ў тым, што дазволена іншым, пастаянна падтрымліваць свой аўтарытэт лепшага чалавека". Набіраючыся педагагічнага вопыту, цяпер ужо на Століншчыне, у Альшанскай школе, я заўседы знаходзіла хвілінку, каб пасядзець з кніжкай Міколы Мішчанчука " Настаўніку - пра настаўніка" і каторы раз удумліва перачытваць "стаць настаўнікам...". Гэтыя словы столькі раз мяне арыентавалі ў маей рабоце з дзецьмі і як настаўніка – прадметніка, і як класнага кіраўніка.

   Творчая індывідуальнасць педагога выяўляецца праз яго ўрок. Важна, каб формы працы былі суаднесены з узростам вучняў, іх творчымі магчымасцямі. Каб вучні атрымлівалі радасць ад вучобы, часта выкарыстоўвала на ўроках мовы індывідуальны і дыферэнцаваны падыход, які спрыяў развіццю творчых здольнасцей вучняў.

   Навучыць вучняў думаць, разважаць, сфарміраваць іх жыццевую пазіцыю, далучыць да багатай спадчыны беларускага народа. На рашэнне гэтых задач і былі скіраваны ўрокі літаратуры. Практыкавала правядзенне нетрадыцыйных урокаў: урокі-лекцыі, - семінары, - дыспуты, - канферэнцыі, - канцэрты і інш

   Як класны кіраўнік узаемаадносіны з вучнямі будавала на прынцыпах справядлівасці, патрабавальнасці, павагі . Пазакласных мерапрыемстваў розных форм і назваў праведзена столькі многа, што ўсіх і не назавеш. Заслугоўваюць увагі, на маю думку, выстаўка-ярмарка "Мой край - мой рай бульбяна-жытні", сустрэча ў тэлевізійнай студыі "У здаровым целе - здаровы дух", поле цудаў " Лекавыя расліны", выстаўка любімых цацак і сямейных альбомаў, час-размова "Умейце радавацца кожнаму дню", музычны салон " Слаўлю ў песнях цябе, Беларусь!" і інш. Неаднаразова давала адкрытыя мерапрыемствы на ШВМА класных кіраўнікоў школы і раёна, на ШВМА настаўнікаў бел.мовы і літ. Мэту навучання і выхавання бачыла ў тым, каб далучыць вучняў да прыгажосці роднай мовы, выхоўваць нац.свядомасць, развіваць мысленне і маўленчую дзейнасць.

     Кожны навучальны год пачынала ўрокамі гонару, прысвечаннымі Бацькаўшчыне, на якіх часта прысутнічалі ганаравыя госці. Узнагароджана граматамі раеннага аддзела адукацыі Столінскага райвыканкама, абласнога аддзела адукацыі Брэсцкага аблвыканкама.

     Жыцце працягваецца ў маіх дзецях, унуках. Радуюся і ганаруся, што мае вучні - прадаўжальнікі маей справы. Частачка маёй душы ў сенняшняй іх настаўніцкай працы. Гэта яны працягваюць маё творчае крэда: "Вучыць дзяцей, вучыцца ў дзяцей, вучыцца разама з дзяцьмі". Большасць з іх працуюць у Альшанскай СШ №1, у Альшанскай СШ №2. Некаторыя жывуць у Брэсце, у Мінску, у Слоніме...

Часта тэлефануюць, прыходзяць у госці, апавядаюць пра школьнае жыцце, пра асабістае, парой пытаюць парады, і я, зразумела, іх даю. Тактоўна і даступна.

Адным словам... Жыву!!!